помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму ў цэнтры г. Полацк Віцебскай вобл., на правым беразе Зах. Дзвіны. Існаваў у 1582—1918 як правасл. мужчынскі манастыр; гал. цэнтр праваслаўя ў Полацку. У 16—17 ст. пастаўлены драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы (у 1656—59 у ёй выкладаў Сімяон Полацкі), не раз гарэлі і аднаўляліся. У 1761—79 пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор (неаднаразова быў перабудаваны).
Сабор уяўляе сабой 1-апсідны крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтаром; ліхтары завяршаюць таксама 1-ярусныя вежы. У паўн. вежы знаходзілася званіца (з 7 званамі), да яе вялі ўсходы з паўд. вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі. У 1836 сцены і ўнутр. паверхня купала былі размаляваны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры 3 свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі ў 1981 тут размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 сабор перададзены вернікам. Уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Пасля наведвання ў 1780 Полацка Кацярынай II было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 арх. Дж.Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў развіццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (цяпер Леніна) — царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі. У 1782—85 з 3 ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы быў узведзены мураваны Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і цёплая царква (Кацярынінская). З У ад царквы ў пач. 19 ст. пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). У кампазіцыі гал. фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэра, але без яго верт. частак. 1-ы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным 2-м паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невял. лучковымі перамычкамі. Аконныя праёмы 2-га паверха больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана 4 дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невял. вежай (у 1830-я г. пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 і 1812—19 у корпусе размяшчалася нар. вучылішча, у 1792—1812 — багадзельня. У 1970-я г. будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. З 1990 прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.